Паводле Лукаша 15
11 Яшчэ сказаў: у аднаго чалавека было два сыны;
12 і сказаў малодшы бацьку: тата! дай мне належную мне долю маёмасьці. І бацька падзяліў ім маёмасьць.
13 Праз колькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, пайшоў у далёкі край і там распусьціў маёмасьць сваю, жывучы распусна.
14 А калі ён пражыў усё, настаў вялікі голад у той краіне, і ён апынуўся ў нястачы;
15 і пайшоў, прыстаў да аднаго жыхара той краіны, а той паслаў яго на палі свае пасьвіць сьвіньні;
16 і ён рады быў напоўніць чэрава сваё струкамі, якія елі сьвіньні, але ніхто не даваў яму.
17 Апамятаўшыся, сказаў: колькі парабкаў у бацькі майго маюць лішкі хлеба, а я паміраю з голаду!
18 Устану, пайду да бацькі майго і скажу яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою,
19 і ўжо ня варты называцца сынам тваім; прымі мяне ў лік парабкаў тваіх.
20 Устаў і пайшоў да бацькі свайго. І калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і ўмілажаліўся; і пабегшы, упаў яму на шыю і пацалаваў яго.
21 А сын сказаў яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім.
22 А бацька сказаў рабам сваім: прынясеце найлепшую вопратку і апранеце яго, і дайце пярсьцёнак на руку яму і абутак на ногі;
23 і прывядзеце ўкормленае цяля і закалеце: будзем есьці і весяліцца,
24 бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся. І пачалі весяліцца.
25 А старэйшы сын ягоны быў на полі; і вяртаючыся, калі наблізіўся да дома, пачуў сьпевы і весялосьць;
26 і паклікаўшы аднаго слугу, спытаўся: што гэта такое?
27 Той сказаў яму: брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў укормленае цяля, бо прыняў яго здаровага.
28 Ён угневаўся і не хацеў увайсьці. А бацька, выйшаўшы, клікаў яго.
29 Але ён сказаў у адказ бацьку: вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не пераступаў загаду твайго, але ты ніколі ня даў мне і казьляняці, каб мне павесяліцца зь сябрамі маімі;
30 а калі сын твой, вось гэты, распусьціўшы маёмасьць сваю з блудніцамі, прыйшоў, ты закалоў яму ўкормленае цяля.
31 А ён сказаў яму: сыне мой! ты заўсёды са мною, і ўсё маё ёсьць тваё;
32 а з таго трэба было радавацца і весяліцца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся.
Чаму бацька так лёгка, нават з радасьцю, прыняў свайго малодшага сына, які кінуў яго, і потым яшчэ распусьціў долю сваёй маёмасьці, жывучы распусна?
Бязпрэчна, галоўнае тут любоў. Але сама любоў грунтуецца на разуменьні, ці можа наадварот — мае разуменне сваім вынікам. Можа самая цяжкая на зямле пакута гэта самотнасьць. Адзін чалавек не разумее іншага. І ня вельмі жадае разумець, калі гэта непасрэдна не датычыцца.яго ўласцівага інтарэса… І вось такі парадокс. Мы разумеем лепш за ўсё ня столькі блізкага нам чалавека, сколькі выпадковага спадарожніка. Бо мы ведаем — ён з намі да нашага прыпынку, і не далей. Ён знікне з нашага жыцця, і чым больш мы упэўнены, што больш не сустрэнем спадарожніка, тым больш ён нам зразумелы і тым больш мы шчырыя з нім. Мы як быцам уваходзім у яго скуру, у яго сутнасьць.
Ці не нагадвае нам гэта нешта? Гэта ж подабнае на то, што зрабіў Гасподзь — Ён увайшоў у нашу сутнасьць, цалкам увайшоў — у самую плоць нашу. Але Ён зрабіў гэта, каб назаўсёды застацца з намі — » Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку». Ён не сыходзіць на наступным прыпынку.
Мы павінны вучыца гэтаму — разумець таго, хто побач. І добра ведаць, што ты заўтра сам можа будзеш у такім становішчы, у такім грэху, якога нават і не ўяўляў сябе. І магчыма дзеля нашых агрубелых сэрцаў самы просты шлях — гэта досьвіт свайго асабістага падзення. Калі мы ня здольны да зніжэньня, то прыйдзецца падаць. Можа мы згінем.Але можа і ўзнясемся на шмат сколькі ўзроўняў разуменьня іншага. Які ўжо стане нават ня іншым. Вось як перамагаецца пекла. Бо мае рацыю філёзаф Сартр, які казаў:» Пекла гэта іншыя». Такім пераможцам пекла і стаў бацька ў эвангельскай прытчы. А старэйшы брат, наадварот, стаў палонным пекла. Бо родны брат застаўся дзеля яго незразумелым, «іншым»… Можа як раз і таму, што застаўся з бацькам і ня зьведаў на ўласнай скуры, як гэта — страціць сябе і зноў знайсьці сябе.